археалагічная культура балцкіх плямён, якія ў 7—6 ст. да н.э. — 4—5 ст.н.э. насялялі тэр. сярэдняй Беларусі і ўсх. Літвы. Назва ад глінянага посуду, знешняя (часта і ўнутраная) паверхня якога пакрывалася штрыхамі. Паводле асаблівасцей развіцця вылучаюць 3 яе храналагічныя перыяды. На 1-м этапе (7—5 ст. да н.э.) насельніцтва жыло на адкрытых паселішчах, якія размяшчаліся на ўзвышэннях у паплавах рэк і азёр і мысападобных выступах 1-й надпоплаўнай тэрасы. У ахаваных прыродных мясцінах (на ўзгорках, часам сярод балот або на мысах па берагах рэк і азёр) ствараліся гарадзішчы. Самыя раннія з іх умацоўваліся па краі пляцовак толькі драўлянай сцяной, а схілы ўзгорка або мыса штучна зразаліся, чым дасягалася большая стромкасць. Былі пашыраны прылады працы з косці, рогу, крэменю, дрэва (каменныя сякеры, зерняцёркі, тачыльныя брускі і інш.), касцяныя і рагавыя ўпрыгожанні. Вырабляліся разнастайныя пасудзіны: слоікападобныя, з конусападобным і выпуклым тулавам, гладкасценныя або штрыхаваныя гаршкі (з прамым або адагнутым венчыкам, кароткай шыйкай, апушчаным або прыўзнятым плечуком і выпуклым тулавам, плоскім ці круглаватым дном). Па шыйцы іх арнаментавалі рознымі па дыяметры ямкавымі ўцісканнямі, якія размяшчаліся па адным у рад або групамі па 2—3 у кожнай, часам у выглядзе трохвугольнікаў. У гаспадарцы побач з лядным земляробствам і жывёлагадоўляй значную ролю адыгрывалі паляванне і рыбалоўства. На 2-м этапе (4—1 ст. да н.э.) у плямён Ш.к.к. ўзніклі новыя, добра ўмацаваныя гарадзішчы, а ранейшыя перабудоўваліся: пляцоўкі павялічвалі, па іх краях з боку поля насыпалі валы і выкопвалі равы. Насельніцтва жыло ў вял. доўгіх дамах слупавой канструкцыі, падзеленых на некалькі (ад 3 да 6) жылых памяшканняў. Унутры іх размяшчаліся агнішчы круглай, авальнай ці падковападобнай формы, абкладзеныя па краях камянямі або валікамі гліны. Разам з каменнымі, касцянымі, рагавымі вырабамі выкарыстоўваліся і жал. прылады працы, зброя. Ва ўжытку па-ранейшаму былі таўстасценныя і слабаабпаленыя слоікападобныя пасудзіны і гладкасценныя або штрыхаваныя гаршкі. На 3-м этапе (1—5 ст.н. э.) гарадзішчы ўмацоўвалі складанай сістэмай земляных валоў з драўлянымі канструкцыямі на іх грэбені і глыбокіх равоў. На змену доўгім дамам прыйшлі невял. чатырохвугольныя наземныя жытлы слупавой канструкцыі з адкрытымі агнішчамі ўнутры. Асн. галінамі гаспадаркі былі ляднае земляробства і жывёлагадоўля, а таксама апрацоўка жалеза, косці, рогу, каменю, дрэва, бронзаліцейная справа, ганчарства, прадзенне, ткацтва, пляценне і інш. Насельніцтва вырабляла і ўжывала жал. сякеры, нажы, нажы для жніва, брытвы з выпуклым лязом, сярпы, падковападобныя і латэнскага тыпу фібулы, посахападобныя шпількі, бронзавыя пярсцёнкі, драцяныя скроневыя кольцы, спіралькі, падвескі і інш. ўпрыгожанні, жал. іголкі і шылы, наканечнікі коп’яў і дроцікаў, гліняныя прасліцы (часта арнаментаваныя наразнымі лініямі і кропкавымі ўзорамі ў выглядзе трохвугольнікаў, ромбаў і трапецый) і інш. Кераміка — штрыхаваныя і гладкасценныя рабрыстыя і слабапрафіляваныя гаршкі і пасудзіны слоікавай формы, арнаментаваныя па рабры і ў верхняй частцы зашчыпамі, ямкавымі і пазногцевымі ўцісканнямі, насечкамі і інш. Трапляюцца глянцаваны і падглянцаваны посуд, мініяцюрныя пасудзіны міскападобных і слоікападобных форм. Да прывазных вырабаў адносяцца падковападобныя фібулы з выемчатай эмаллю, бляхі з выявай галоўкі арла і выпуклыя бляшкі з пяцелькамі з тыльнага боку. Найб. даследаваныя помнікі Ш.к.к. ў Беларусі — Аздзяцічы, Банцараўшчына, Вязынка, Гарадзішча, Дзедзілавічы, Івань, Кімія, Лабеншчына, Малышкі, Мыслі (Вілейскі і Капыльскі р-ны Мінскай вобл.), Рацюнкі.
Літ.:
Археалогія Беларусі. Т. 2. Мн., 1999.
А.Р.Мітрафанаў.
Да арт.Штрыхаванай керамікі культура. Упрыгожанні з гарадзішча Івань.